Інтэрв’ю Арцёма Шаплыка ў «Настаўніцкай газеце»

Вышла новае інтэрв’ю Арцёма Шаплыка ў «Настаўніцкай газеце», дзе ён расказаў пра сябе, асаблівасці сваёй школы, музычную педагогіку, аб чым марыць і якія праекты рыхтуе для прыхільнікаў музычнага мастацтва.

Прапануем Вашай увазе некаторыя яго фрагменты:

“Вучні павінны займацца з задавальненнем, асабліва ў першы год навучання і асабліва дзеткі 5—6 гадоў, каб не прапала іх жаданне іграць. Бо калі першапачаткова паказваць дзіцяці, як складана займацца музыкай, то яно хутка пачне супярэчыць гэтаму. Цяпер гэтыя прынцыпы я пераношу ў сваю педагагічную дзейнасць, і ў маёй школе ўсе настаўнікі ведаюць, наколькі важны першы год навучання.»

“Музыка — адзін з самых складаных і доўга фарміруемых чалавечых навыкаў. На адной з лекцый я пачуў, як працуе мозг падчас праслухоўвання музыкі, і даведаўся, ці трэба чалавеку ў цэлым музыка. Дык вось музыка нам не вельмі і патрэбная, таму што ў чалавека дзве базавыя патрэбы, пра якія ўсе выдатна ведаюць. Таму мозг адштурхоўвае музыку як штосьці чужароднае, тым больш што ёй трэба вучыцца, а гэта вельмі складана. А калі яшчэ і педагог толькі крытыкуе, дык увогуле наш мозг адхіляе думку пра навучанне музыцы. Таму музычная педагогіка павінна быць зусім іншай і адрознівацца ад традыцыйнай школьнай педагогікі.»

«Не важна, на якім інструменце ты іграеш, важна, як праходзяць заняткі і якія адносіны з педагогам. Канечне, калі ў аднаго дзіцяці абсалютны слых, то яму будзе лягчэй навучыцца іграць, напрыклад, на скрыпцы, а калі ў другога крыху горшы слых, яму будзе складаней знайсці тую ці іншую нотку, але ён усё роўна рана ці пазна знойдзе яе, было б жаданне.»

«Я лічу, што музыцы трэба вучыць усіх гэтак жа, як чытанню і лічэнню, нават нягледзячы на тое, што музычны навык фарміруецца значна складаней.»

«Наша школа пакуль маленькая і не прэтэндуе на змены ў сферы адукацыі і культуры. Мы не разбураем старое, а прыўносім новае, стараемся праводзіць яркія і цікавыя мерапрыемствы. Так, мы арганізоўваем канцэрты выкладчыкаў і справаздачныя канцэрты вучняў. Яны цікавыя тым, што ў нас выступаюць усе, нават калі чалавек правучыўся 2 месяцы.»

«Дарослыя людзі часта прыходзяць з пытаннем, ці змогуць яны з нуля асвоіць музычны інструмент. Як паказвае практыка, могуць. У нашай школе няма строгіх меж паміж вучнямі і выкладчыкамі. На ўроках нароўні з класічнымі творамі можна вывучаць саўндтрэкі да вядомых фільмаў і папулярныя песні.»

«У нашай школе распрацаваны дзве сістэмы навучання: класічная і індывідуальная. Першая — гэта сістэмнае паслядоўнае навучанне, якое разлічана на працяглы тэрмін. Яна спалучае ў сабе ключавыя прынцыпы распаўсюджанай ва ўсім свеце “Балонскай сістэмы”, у межах якой студэнт можа самастойна выбіраць вучэбныя дысцыпліны або адукацыйныя праграмы дзіцячых музычных школ, распаўсюджаныя ў нашай краіне. Другая сістэма нацэлена на вырашэнне канкрэтных пастаўленых задач, а адукацыйны працэс не абмежаваны вучэбнымі планамі і тэрмінамі, адсутнічае кантроль засваення ведаў.»

«Музыка — гэта культурны складнік любой цывілізаванай нацыі і краіны, таму яе павінна быць шмат, асабліва класічнай. Мне вельмі хочацца, каб і ў будучыні ў нас усё гэта развівалася і падтрымлівалася, а навучанне музыцы было добразычлівым, каб стваралася больш канцэртных залаў класічнай музыкі. А чытачам параю ўпусціць музыку ў свае сэрцы і пажадаю адчуваць гармонію, заўважаць прыгажосць вакол сябе і ствараць нешта добрае.»

Чытаць цалкам: https://nastgaz.by/zajmatstsa-muzykaj-z-zadavalnennem