Газета «Літаратура і мастацтва»: «Да інструмента – як да чалавека»

Да інструмента як да чалавека

Кожны чалавек можа займацца музыкай. Ва ўсіх ёсць здольнасці, якія можна раскрываць, нават калі чалавек быў усё жыццё ўпэўнены ў адваротным. Галоўнае, як і ў любой справе, практыка і шчырае жаданне. Але не ў кожнага яно ёсць. Колькі гісторый пачыналіся з таго, што чалавека адвялі ў музычную школу ў дзяцінстве, і сканчваліся тым, што пасля атрымання дыплому, ён больш ніколі не падыходзіў да інструмента? Нават у тых, хто шчыра захапляецца музыкай і хоча навучыцца граць на інструментах, часта бывае шмат страхаў. Але ў школе «Артгранд» з імі намагаюцца справіцца. 

Прыватная школа, створаная прафесійным піяністам Арцёмам Шаплыкам, імкнецца да таго, каб стаць поўнай супрацьлегласцю ўсім сумненням, страхам і стэрэатыпам, якія склаліся вакол акадэмічнай музычнай адукацыі. Па-першае, сюды прымаюцца навучэнцы любога ўзросту і музычнага досведу. Паміж вучнямі і настаўнікамі максімальна карэктныя гарызантальныя стасункі, а праграма адаптуецца пад кожнага навучэнца. Выкладчыкі школы, многія з якіх – салісты Белдзяржфілармоніі і Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра, працуюць па арыгінальнай, адмыслова распрацаванай методыцы. Дзякуючы ёй, праграму навучання ігры на інструменце, разлічаную ў звычайнай музычнай школе на восемь гадоў, у «Артгранд» засвойваюць за пяць. Але рэкордныя тэрміны неабавязковыя, тут ніхто не імкнецца ўразіць іншага. Асноўны ўпор у навучанні робіцца менавіта на выканальніцкае майстэрства, але ёсць і агульныя класы па іншых дысцыплінах – сальфеджыа, музычнай літаратуры. Наведваць іх ці не, вучні выбіраюць самі, яны вырашаюць, што граць і чаму вучыцца.  

Другое моцнае адрозненне школы ад звычайных музычных навучальных устаноў – адсутнасць спаборніцтваў. Выкладчыкі не параўноўваюць вучняў паміж сабой, не выстаўляюць адзнакі, а да прадстаўнічых і выніковых канцэртаў дапускаюцца ўсе жадаючыя.

АртГранд

Галоўны прынцып школы – усебаковае развіццё праз музыку, папулярызацыя класікі, наладжванне кантакту паміж чалавекам і загадкавым і складаным для яго светам. Навучэнне накіраванае менавіта на акадэмічную музыку. Але вучні выконваюць тое, што ім захочацца – у тым ліку, кампазіцыі з рэпертуару папулярных эстрадных выканаўцаў і рок-гуртоў. Эстраднае аддзяленне ў «Артгранд» адкрылася год таму, а сама школа існуе ўсяго толькі пяць. 

Акрамя класічных інструментаў – фартэпіяна, гітары, скрыпкі, у школе ёсць флейты, кларнеты, аддзяленні музыказнаўства і тэорыі музыкі, унікальныя для прыватнай навучальнай установы класы арфы, клавесіна і нават аргана.  

Нядаўна школа правяла чарговы канцэрт для падвядзення вынікаў, які атрымаў назву «Гранд-лета». Імпрэза прайшла ў Малой залі імя Рыгора Шырмы Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Філармонія прымае школу ўжо па традыцыі – родныя для многіх выкладчыкаў-салістаў сцены паступова становяцца роднымі і для вучняў. Выніковыя прадстаўленні праходзяць двойчы за год. Гэта добры прыём працы з кароткатэрміновай матывацыяй. Чалавек можа займацца і дзеля высокай мэты авалодаць інструментам, і для свайго задавальнення, але ў абодвух выпадках яму будзе значна прасцей спраўляцца са складанасцямі, калі будзе магчымасць убачыць свае вынікі ўжо праз некалькі месяцаў навучэння і паказаць іх блізкім.  

АртГранд

У першыя гады існавання школы канцэрты навучэнцаў цягнуліся дзве гадзіны. Сёлета прадстаўленне заняло каля пяці гадзін і было разбітае на два аддзяленні. Агульная колькасць удзельнікаў склала больш за 70 чалавек.  У першым – пераважна юныя выканаўцы, але з даволі разнастайным рэпертуарам: ад самых простых дзіцячых твораў да сур’ёзных, дарослых п’ес і тэм. 

Другое аддзяленне – больш сталыя навучэнцы. Набор інструментаў пераважна класічны – фартэпіяна і скрыпкі, але былі і гітары, і духавыя. І разнастайнасць рэпертуару заўважна павялічылася. У праграме «Лунная саната» Бетховена суседнічала з танга з кінафільма «Пах жанчыны», паланез Агінскага – з акустычнай версіяй Nothing else matters гурта Metallicа, оперныя арыі з Show must go on гурта Queen. Можна было ацаніць майстэрства не толькі вучняў, але і іх настаўнікаў. Яны часта падтрымлівалі сваіх падапечных – выходзілі на сцэну ў якасці канцэртмайстраў, другой скрыпкі. Многія фартэпіянныя кампазіцыі граліся ў чатыры рукі. І нават седзячы ў залі можна было прасачыць падтрымку. Ад таго, хто рыхтаваўся выступаць наступным, выкладчык не адыходзіў увесь папярэдні нумар. А пасля выступу падыходзіў, шэпчучы «Малайчына!», нават калі выступ быў недасканалым.

АртГранд

Розніцы ў стаўленні да артыстаў сапраўды ніякага. У канцэрце ўдзельнічаюць і тыя, хто наведвае школу толькі два-тры месяцы, і лаўрэаты дзяржаўных і міжнародных конкурсаў.  Узрост удзельнікаў канцэрта – ад 3 да 84-х гадоў. 

Самая сталая вучаніца Галіна Фёдараўна Мішнева прыйшла ў «Артгранд», каб дакрануцца да захаплення свайго дзяцінства: «Я любіла музыку з самага дзяцінства, калі быў маленькі радыёпрыёмнічак. Нам падабалася слухаць арыі з опер. Мяне гэтым заразіла мая старэйшая сястра. Па прафесіі я геолаг, лясны інжынер, абараніла кандыдацкую дысертацыю ў Рызе. А цяпер пішу кнігі, цяпер выйшла ўжо дзесяць. А музыка – гэта асалода, радасць для душы. Таму калі я даведалася, што тут узрост не абмяжоўваюць, я прыйшла ў школу Арцёма Шаплыкі, убачыла, што тут такая сяброўская атмасфера, прабачаюць усе памылкі, ні за што не лаюць, як у школе, а толькі прывітаюць і акрыляюць. Гэта мяне падштурхвае.

Я займаюся ўжо два гады, але часам бывае сорамна – іншыя так граюць, у іх такія гнуткія рукі. Я вельмі шмат працую фізічна, на агародзе, таму рукі ўжо не такія спрытныя… Але ў мяне шмат улюбёных рэчаў, да якіх я хацела б дакрануцца. «Ронда Капрычыёза» Бетховена, Песню Сольвейг Эдварда Грыга я б хацела сыграць, «Да Элізы» я ўжо граю. Больш люблю класіку, джаз мяне не надта цікавіць», – распавядае Галіна Фёдараўна. На канцэрце яна выканала на фартэпіяна два творы – эцюд «Чортава кола» Ігнацьева і раманс «Тонкая рабіна» ў пералажэнні Геталавай. Магчыма, Галіна Фёдараўна расказала б яшчэ нешта, але падышла выкладчыца і паклікала натхнёную жанчыну назад у залю – слухаць вельмі прыгожую кампазіцыю на дзве скрыпкі. Відавочна, супрацоўнікі «Артгранд» імкнуцца да таго, каб вучні не толькі асвойвалі свае спецыялізацыі, але і слухалі адно аднаго, спазнавалі музычную навуку з розных бакоў. 

Таму і патрэбныя такія канцэрты, і добра, што на іх выступаюць не толькі тыя, хто грае лепш за ўсіх. Камусьці, каб натхніцца на навучанне, дастаткова паслухаць больш майстравітых калег, а камусьці наадварот, неабходна самому адчуць радасць і хваляванне выхаду на сцэну. 

Атмасфера акадэмічнай музыкі без ціску, спаборніцтва, строгіх крытэрыяў, настаўніцкіх крыкаў і цяжкай працы гадзінамі. Тыя, хто ніколі не займаўся музыкай, пачуваюцца як дома, тыя, хто хадзіў у музычную школу, заўважаюць розніцу. Сюды прыходзяць займацца цэлымі сем’ямі, гэта заўважна нават па праграме выніковага канцэрта. 

АртГранд

Супрацоўнікі школы займаюцца не толькі правядзеннем урокаў. «Артгранд» арганізоўвае не толькі выніковыя канцэрты, але і іншыя музычныя імпрэзы, лекцыі па класічнай музыцы. У час школьных канікул установа ладзіць нешта кшталту музычнага школьнага летніка – дзеці праводзяць увесь дзень у «Артгранд»,  камунікуюць, гуляюць у настольныя гульні, удзельнічаюць у групавых занятках па сальфеджыа, музычнай літаратуры, вакалу, прыходзяць на індывідуальныя заняткі да сваіх педагогаў па інструменце, а па вечарах для іх ладзіцца культурная праграма – наведванне музеяў, прагляд фільмаў, праслухоўванне музыкі на вініле. 

Любоў да музыкі не перашкаджае ставіцца з любоўю да вучняў, галоўная мэта школы – не вырасціць лаўрэатаў міжнародных конкурсаў, а перадаць сваё захапленне. Таму музыка паўстае перад навучэнцамі «Артгранда» ў самых розных выглядах – як высокае і складанае, неверагодна прыгожае мастацтва, агромністы пласт чалавечай культуры, што існаваў ва ўсе часы, як пляцоўка для самапазнання і самаразвіцця, прастора для асабістых перамог і дасягненняў, як спосаб адкрываць таямніцы навакольнага свету – даведвацца пра гісторыю, фізіку і псіхалогію прасторы, устанаўліваць камунікацыю з іншымі, трапляць у нязвыклыя месцы і ролі. Музыка можа паддацца кожнаму, варта знайсці да яе правільны падыход. Але каб спарадзіць натхненне, варта знайсці правільны падыход і да чалавека.

 

АртГранд

Автор: Анна  Иванова
Дата публикации: 11.06.2021
Материал был опубликовав в газете «Літаратура і мастацтва»

 

 

Хотите стать учеником Музыкальной школы АртГранд?

Чтобы начать обучение в Музыкальной школе АртГранд, пожалуйста, заполните форму обратной связи:



    Выражаю свое свободное, однозначное и информированное согласие на обработку персональных данных в соответствии с Политикой в отношении обработки персональных данных.

    Выбираете подарок для близкого человека?

    Подарочный сертификат на обучение в Estrada ArtGrand Music School – это подарок, который точно не залежится на полке: в частной музыкальной школе Артема Шаплыко ученики учатся с удовольствием и получают качественное музыкальное образование!

    Подробнее по телефонам: +375 29 381 2237,  +375 29 781 2237

     

    Ждем Вас по адресу: Минск, ул. Раковская, 16А