Пра тое, што музыка здольная ўплываць на здароўе і паводзіны чалавека, вядома са старажытнасці. Піфагор лічыў музыку панацэяй ад усіх хвароб душы і цела. З дапамогай мелодый, рытмаў і ладоў ён навучыўся здымаць раздражняльнасць і страх. Платон прымаў лекі ад галаўнога болю ў суправаджэнні спеваў, лічачы, што без іх лекі губляюць сваю сілу. Лячэбны патэнцыял гукаў выкарыстоўвалі шаманы і афрыканскія плямёны, а рымскі лекар Гален прапісваў музыку нават пры ўкусах змей…
Сёння музыкатэрапія выкарыстоўваецца для рэабілітацыі і карэкцыі здароўя пацыентаў любога ўзросту, у тым ліку дзяцей з асаблівасцямі аўтыстычнага спектру, затрымкай развіцця, разумовай адсталасцю, дзіцячым цэрэбральным паралічом, сіндромам Даўна, праблемамі зроку, слыху і маўлення. У такіх дзяцей нярэдка парушаная каардынацыя рухаў, адзначаецца гіперактыўнасць (або замкнёнасць), адсутнасць цікавасці да навакольнага свету, парушэнне сацыяльнай адаптацыі…
Мы пагутарылі з педагогамі, чые заняткі сталі важным складнікам у рэабілітацыі іх выхаванцаў.
Таццяна Чарнаморац, выкладчык па класе фартэпіяна (муз. школа «АртГранд»), акрамя працы са звычайнымі вучнямі, ужо шмат гадоў праводзіць карэкціруючыя заняткі для дзяцей з парушэннямі слыху, праблемамі з каардынацыяй, запаволеным мысленнем, заіканнем і аўтызмам. А таксама для дарослых, якія хочуць больш паспяваць у прафесійным плане, палепшыць памяць, развіць вобразнае мысленне і нават… адкласці старасць!
Як гэта адбываецца? Гуляючы! І дзеці, і дарослыя асвойваюць клавішы ў гульнявой, нязмушанай форме, і дзівяцца, калі з першых заняткаў пачынае атрымлівацца мелодыя.
Быў хлопчык, які ў школе не паспяваў за равеснікамі: некаторыя ўжо пісалі адказ задачы, а ён яшчэ сядзеў, спрабуючы зразумець умову… На адкрытых уроках, калі ў класе прысутнічала праверка, яго прасілі падзяжурыць у сталовай або пабыць у бібліятэцы… Невядома, на што спадзявалася мама, аддаючы сына вучыцца музыцы, але гэта спрацавала. І калі школьныя настаўнікі ўбачылі, як ён іграе храматычныя гамы і акорды, не паверылі: у яго ж каардынацыя парушаная! А яе такім чынам аднаўлялі… Напрыканцы года хлопчык сядзеў з усімі і пісаў кантрольныя работы, паспяваючы ўкласціся ў адведзены час, бо павялічылася хуткасць мыслення. Мама заўважыла, што сын стаў больш актыўны.
Дзяўчынка з заіканнем праз год заняткаў практычна не адрознівалася гаворкай ад аднагодкаў, словы вымаўляла выразна, чытала вершы. Праўда, пазней заняткі музыкай прыпыніліся, і зноў намеціўся рэгрэс.
***
Дзесьці ў інтэрнэце была інфармацыя, што ўжо ў мінулым стагоддзі сярод 40–50-гадовых англічан стала модным вучыцца музыцы. У гэтага флэш-мобу ёсць цалкам практычнае тлумачэнне: калі чалавеку за 40, хуткасць яго мыслення пачынае зніжацца, пагаршаецца памяць, што да 50 гадоў ужо канкрэтна адчуваецца. Бо гэта ўзрост, калі чалавек, як правіла, нешта ўяўляе з сябе ў прафесійным плане, узняўся на пэўную прыступку кар’ернай лесвіцы, і праблемы з мысленнем яму не патрэбныя. Дык вось, каб заставацца ў форме, англічане пачыналі асвойваць фартэпіяна. Правая рука іграе ў скрыпічным ключы, левая — у басовым. І кожная — мае свой уласны рытм: працуюць абодва паўшар’і (выдатная трэніроўка для мозгу!). Такая практыка атрымала шырокае распаўсюджанне.
Але як жа засвоіць клавішы з нуля? Наша суразмоўца тлумачыць: усё пачынаецца з вобразаў. Вось, да прыкладу, п’еса Э. Грыга, называецца «Раніца». Якой бывае раніца? У кожнага яна свая, галоўнае яе адчуць. Сядзіш досвіткам на беразе ракі, і так ціха наўкола… Раптам — праменьчык сонца. І ні руху — ні лістоты, ні вады. І тут птушачка дзесьці заспявала… Усё гэта можна паказаць: як падзьмуў ветрык, пайшла лёгкая хваля, як пакацілася па лістку расінка…
Таццяна, усміхаючыся, успамінае, як працавала калісьці ў звычайнай музычнай школе, і трэба было некалькіх дзяцей навучыць іграць з нуля, каб яны змаглі здаць экзамен. Цяжкасць была ў тым, што жадання вучыцца дзеці не мелі, іх прывялі бацькі, якія марылі пра музычную кар’еру сваіх нашчадкаў. Сталі займацца…
А за сценкай — кабінет завуча. Аднойчы той не вытрымаў: «Што адбываецца? Такі свіст стаіць! Чым вы займаецеся? І педагог яму адказала: «На акадэмічным экзамене пры паступленні ў першы клас трэба будзе песеньку праспяваць, а вучань мае маленькі дыяпазон і спяваць не любіць, вось і пашыраем дыяпазон пры дапамозе свісту. Я для гэтага два тыдні прасіла бацьку, каб навучыў мяне свістаць»…
Завуч махнула рукой: рабіце, што хочаце, толькі б ён здаў іспыт. І здаў! А конкурс быў каля пяці чалавек на месца… Індывідуальныя заняткі дарма не прайшлі: дапамаглі раскрыцца, дзіця змагло праявіць свой патэнцыял, захапілася музыкай.
***
Часам дарослыя вучні так прагнуць развучыць любімую мелодыю, што іх не спыняе нават адсутнасць нот. Таццяна з цеплынёй расказвае пра адну пару. Аднойчы жонка прызналася педагогу, што муж-айцішнік ноччу ўпотай ад хатніх садзіцца за электрапіяніна, бярэ навушнікі і спрабуе іграць. Яму прапанавалі ўзяць невялікі ўрок у школе. Не надта верачы, што можа атрымацца нешта талковае, ён, тым не менш, адразу засвоіў некалькі прыёмаў. Натхніўся і стаў займацца далей.
Дык вось, гэтым дваім вельмі падабалася мелодыя з кінафільма, а нот да яе знайсці не ўдавалася. Дык ён стварыў некалькі камп’ютарных праграм, каб счытаць ноты саўндтрэку! Выкладчыца адкарэктавала мелодыю, расставіла працягласць, пераклала ноты для ансамбля, і пара выступала з ёй на сваім першым акадэмічным канцэрце. А потым у школу пасыпаліся званкі ад людзей, якія ўбачылі гэты выступ на ютубе: усе прасілі ноты…
Фраза «мне ўжо позна вучыцца» — беспадстаўная, упэўнена Таццяна Чарнаморац. І распавядае пра сваіх вучняў: камусьці за 50, а камусьці ўжо за 80, і гэта ніяк не перашкаджае ім асвойваць старажытныя і сучасныя творы, імправізаваць і ствараць. Спрошчаныя, у форме гульні, тлумачэнні падабаюцца ўсім: «Памятаю, калі ў музычнай школе ў дзяцінстве мы праходзілі гэты кварта-квінтавы ход, я нават вушы закрыў, не ў сілах зразумець, што ад мяне хочуць… было складана. А тут на пальцах расклалі, не грузячы тэрмінамі, і раптам зразумеў».
Каб займацца было цікавей, у школе «АртГранд» выкарыстоўваюць вядомыя ўрыўкі, адаптаваныя пад розны ўзровень валодання інструментам. Напрыклад, урывак з «Шчаўкунка» П. Чайкоўскага. Гэты твор, напісаны для сімфанічнага аркестра, пераклалі для фартэпіяна ў некалькіх варыянтах — пачаткоўцам і тым, хто добра валодае клавішамі.
***
Мінулай восенню прыйшлі вучыцца дзесяцігадовыя дзяўчынкі-блізняты з аўтыстычнымі асаблівасцямі. Гэтыя дзеці жывуць у сваім, асаблівым, нязвыклым для нас свеце, яны палахлівыя і вельмі баяцца застацца адны, моцна прывязаныя да мамы, і акрамя яе нікога не ўспрымаюць.
І вось мама прыводзіць іх на заняткі. Балазе, у кабінеце стаяць і фартэпіяна, і раяль, так што за клавішы можна пасадзіць абедзвюх. Але знайсці кантакт аказалася няпроста…
Педагог не магла знаходзіцца побач, паміж ёю і вучаніцай абавязкова павінна была стаяць маці. Калі трэба паказаць нешта на клавішах з іншага боку, то выкладчыца перамяшчалася разам з мамай, і мама па-ранейшаму знаходзілася бліжэй да дзіцяці. Гэтак жа і з другой дзяўчынкай. Пры найменшай спробе змяніць такі парадак сёстры пачыналі спалохана плакаць.
Часам мама перакладала на іх «мову» тое, што казала педагог: каб растлумачыць дзяўчынкам, што трэба лічыць услых, яна дакраналася да іх вуснаў, і яны разумелі, што ад іх хочуць. Складаней было растлумачыць, як ставіць руку, не дакранаючыся да дзіцяці. Паступова пераадольвалі і гэта, маленькімі крокамі.
Праз 10 месяцаў прагрэс відавочны: блізняткі ўжо дазваляюць дакрануцца да сябе, не палохаюцца гучных гукаў і слоў. Сталі разумець, што ад іх хочуць і пра што пытаюцца. Здольныя вучаніцы, маюць добрую памяць.
Аднойчы мама патэлефанавала перад заняткам, што яны ўжо едуць, але забыліся ноты. Хочуць вярнуцца, таму спозняцца. Педагог адгаварыла: ноты ёсць у школе, праўда, у іншай рэдакцыі. Але калі дзяўчынкі ўбачылі гэтыя ноты, то разгубіліся і не змаглі нічога сыграць… Трохі іншае размяшчэнне на лісце, памянялася карцінка, і ўсё, твор стаў для іх непазнавальны.
Нядаўна (праз пяць месяцаў ад пачатку заняткаў) яны з задавальненнем выступалі на школьным канцэрце ў малой зале філармоніі і не баяліся сцэны. Кланяліся зале. Гэта вялікая перамога. А на ўроках навучыліся абыходзіцца без мамы!
І на днях адна з сясцёр раптам сказала, што не хоча іграць гучней! Каб разумелі: калі для звычайнага дзіцяці нармальна сказаць, што яно чагосьці не хоча, стамілася і г.д., то дзеці з аўтызмам будуць займацца, пакуль сам педагог не скончыць ўрок. Яны не выказваюць уласнага меркавання і эмоцый… Таму ўсвядоміць асабістае стаўленне да чаго-небудзь, самастойна зрабіць выбар і выказаць гэта словамі — сур’ёзны крок наперад.
— З «асаблівымі» дзецьмі мы займаемся не столькі музычнай адукацыяй, колькі музычным развіццём, — тлумачыць Дар’я Палушкіна, выкладчык сальфеджыа і тэорыі музыкі (муз. школа «АртГранд»). — Працуем над каардынацыяй рухаў, моўнымі асаблівасцямі, моманты паводзінаў нейкія «выцягваем». Пры гэтым, вядома, вучым музычнай грамаце. Самая вялікая складанасць была — прывыкнуць да некаторых асаблівасцяў. І я вельмі ўдзячная бацькам, якія ўключаны ў працэс навучання.
Мелодыя — гэта хваля пэўнай частаты, якая пасылае імпульсы ў цэнтральную нервовую сістэму. Адначасова актывізуюцца розныя ўчасткі галаўнога мозгу, уплываючы на тонус цягліц і на ўсе жыццёва важныя сістэмы арганізма. Мелодыя ўплывае і на ўзровень гармонаў у крыві, якія выклікаюць тыя ці іншыя эмоцыі і рэакцыі. Музычны рытм дзейнічае як стымулятар фізіялагічных працэсаў у арганізме і можа нармалізаваць працу асобных органаў.
Вельмі любяць дзеці рытмічныя практыкаванні, дзе можна патопаць, папляскаць, пашумець. Гульня на ляскотках, лыжках, званочках дапамагае задаволіць дзіцячую патрэбу выплюхнуць энергію.
А яшчэ — спевы, якія нездарма лічылі лячэбнымі Платон і Гален. Менавіта з дапамогай спеваў пачынае фарміравацца інтанацыя, а многім дзецям цяжка выказваць думкі, складна гаварыць.
Каб каардынаваць гаворку з рухамі і рухі самі па сабе, да выканання вясёлых песенек голасам дадаюць ксілафоны, званочкі, барабаны. Адна рука стукае так, а другая іначай. Ці адна іграе, другая стукае. Дзеці асвойваюць метрарытмы, вывучаюць танальнасці, меладычныя абароты, усё ў комплексе. Сумна не бывае, тым больш што на ўроках музыкі, аказваецца, можна нават маляваць! Спявалі песеньку пра сабачку — значыць, малююць сабачку, пераключыўшыся такім чынам на любімы занятак.
Дар’я працуе цяпер з дзецьмі з аўтызмам і шызафрэніяй. Патрэбны асаблівыя навыкі. Напрыклад, дзяўчынка з шызафрэніяй вельмі няўважлівая, можа ў любы момант «зачыніцца», перастаць выконваць заданне і рэагаваць на настаўніка. Па незразумелай прычыне. Вывесці дзіця з гэтага стану дапамагаюць бацькі: падсунуць на пару хвілін тэлефон або пачынаюць гуляць з ёй у расслабляльную гульню… І яна «прачынаецца», спакойна ўключаецца ў працу, быццам нічога і не было.
Дзяўчынкі з аўтызмам вельмі працавітыя, таленавітыя, але вельмі важна знайсці падыход, каб ім было камфортна. На шчасце, гэта атрымалася. Педагог хутка зразумела, што ім трэба ставіць кароткую канкрэтную задачу. Ніякіх разгорнутых прапаноў накшталт: «А вось цяпер давай мы з табой пачнем…», яны тады моцна губляюцца і не разумеюць, што ад іх хочуць.
З-за невыразнай дыкцыі вучаніцам было цяжка спяваць, але праз год у гэтым кірунку многае ўдалося зрабіць. Спевы сапраўды аказалася лячэбнымі, дыкцыя прыкметна палепшылася.
Дар’я падкрэслівае: вельмі важную ролю ў развіцці «асаблівых» дзяцей выконваюць бацькі. Менавіта яны штодня, штогадзіны ўкладаюць у дзяцей свой час і сілы. Таму што без хатніх заняткаў, як бы педагог ні стараўся на ўроку, вялікага выніку не будзе.
Автор: Жанна Гавриченкова
Дата публикации: 24.11.2021
Материал был использован в газете «Медицинский вестник»
Лячэнне музыкай: чароўныя гукі супраць аўтызму і заікання
https://bel.24health.by/lyachenne-muzykaj-charounyya-guki-suprac-autyzmu-zaikannya/
Хотите стать учеником Музыкальной школы АртГранд?
Чтобы начать обучение в Музыкальной школе АртГранд, пожалуйста, заполните форму обратной связи:
Выбираете подарок для близкого человека?
Подарочный сертификат на обучение в Estrada ArtGrand Music School – это подарок, который точно не залежится на полке: в частной музыкальной школе Артема Шаплыко ученики учатся с удовольствием и получают качественное музыкальное образование!
Подробнее по телефонам: +375 29 381 2237, +375 29 781 2237
Ждем Вас по адресу: Минск, ул. Раковская, 16А, Революционная 8